Сёньня я пачынаю пісаць свой амэрыканска-беларускі дзёньнік, каторы будзе, спадзяюся, добра прадстаўляць мае думкі пра тое, што адбываецца як тут, у ЗША, так і на Радзіме.
Пачынаю пісаць пад акампанэмэнт гурту ZET. “Белакрылы анёл” так добра люструе тое, што я адчуваў, калі ехаў сюды. Так добра гэтая песьня люструе, што адзін мой сябра назваў “агульнабеларуская хандра”. Дзе наш Юшчанка? Дзе наш Саакашвілі? Ці зьявіцца нехта падобнага масштабу на беларускай палітычнай арэне? Магчыма, Мілінкевіч альбо Лябедзька маглі б зрабіць файную кампанію, каб на тое былі ўмовы, каб людзі паверылі ў іх, каб паверылі, што перамагчы рэжым магчыма. Альбо каб Пазьняк вярнуўся, можа за ім пайшлі б. Альбо каб Севярынец балятаваўся, альбо каб хтосьці зь яшчэ невядомых выйшаў на авансцэну… Увогуле, лічу, што добрым прэзыдэнтам пасьля Лукашэнкі была б Івонка Сурвілла. Гэта было б больш, чым лягічна. Карацей – поўная блытаніна, разгубленасьць, няпэўнасьць… Менавіта ў такі час мне давялося пакінуць Бацькаўшчыну. Як раз за год да прэзыдэнцкіх выбараў. Што ж, я не магу абыходзіць бокам гэтую падзею і буду даволі часта вяртацца да беларускай праблематыкі на старонках гэтага блогу.
Няпэўнасьць – менавіта такое пачуцьцё характэрна напэўна любому, калі даводзіцца ехаць у іншы край на даволі працяглы час. Тым больш, калі даводзіцца ехаць за акіян. Польшча, Нямеччыны, Украіна, Швэцыя – гэта Эўропа, нешта блізкае, дзе ты хоць і ня дома, але ня так далёка ад дома. А зусім іншае – Амэрыка. Як кажуць, калі што, дык акіян не пераплывеш
. У сапраўднасьці, боязі ці стрэсу наконт паездкі было мала, было куды больш стану самоты, суму разьвітвацца з усімі. Тым больш, што гэты працэс зацягнуўся на добры месяц. Такое ўражаньне што выпраўлялі у войска ці яшчэ куды далей. Але вось я ўжо ў самалёце. Да Франкфурту мы ляцелі “Люфтганзай”, потым вялікім Боінгам “United Airlines” да Вашынгтону. Усю дарогу (ці то калі мы былі над Польшчай, ці калі мы рабілі перасадку ў Нямеччыне, ці то калі мы прыляцелі ў Вашынгтон ішоў дождж. Я пасьпеў паглядзець два фільмы, паслухаць крыху амэрыканскага кантры і як-ніяк паразмаўляць з дзьвюмя французскімі школьніцамі, якія ляцелі ў Штаты на адпачынак. Па-ангельску яны не маглі зьвязаць нават элемэнтраны сказ. Мой французскі ў крыху лепшым стане, чым я і скарыстаўся. Нічога… зь імі ехала маці, каторая па-ангельску размаўляць магла. Не прападуць.
На працягу ўсяго пералёту ішоў дождж. І над Польшчай, і калі рабілі перасадку ў Франкфурце, і калі прыляцелі ў Вашынгтон. Кажуць, калі падарожнічаеш, гэта добры знак. Ня ведаю, ці праўда гэта ці не. Але гэта дапамагло адаптавацца да зьмены надвор’я.
Напэўна, надвор’е – гэта першае, чым можа крыху зьбянтэжыць беларуса Амэрыка. Канешне, гэта залежыць ад таго, куды прыбывае самалёт, але тых, хто ляціць у сталіцу ЗША, можа чакаць сапраўдны шок, тым больш, калі даводзіцца ляцець летам. Практычна, калі выходзіш з самалёту, цябе сустракае хваля цёплага вільготнага паветра. Думаеш, што пройдзе? Памыляесься!
Вільготнасьць на поўдні Амэрыкі высокая, што яшчэ больш робіць клімат аддаленым ад нашага. Уяўляеце саўну ці проста парылку. Дык вось амэрыканская лета для непадрыхтаванага вандроўніка можа выклікаць менавіта такую асацыяцыю. Але калі прызвычаесься, дык холаду не захочаш.
Унутры дамоў, крамаў, офісаў тут працуюць кандыцыянэры. Таму атрымліваецца кантраст – на вуліцы плюс 32-35, а ў хаце – 21 калі ня меней. Некаторыя такім чынам прастужваюцца.
Цяпер верасень – надвор’е нагадвае беларускае лета. Толькі без дажджоў, каторыя тут здараюцца вельмі рэдка.
У Паўночнае Караліне, дзе я цяпер знаходжуся, летні клімат мяжуе з трапічным. Увогуле, па-навуковаму тут субтропікі. Калі я ездзіў на акіян, па дарозе бачыў пальмы. У Чэйпэл Гіле іх чамусьці не саджаюць.
Яшчэ адна рэч, якая кідаецца ў вочы адразу. І ў цэнтры Вашынгтона, і ў нас у унівэрсытэцкім гарадку (які тут завецца кампусам) бегаюць свабодна вавёркі. Яны людзей зусім не баяцца, а людзі ў сваю чаргу на іх увагі не зьвяртаюць… Хіба што турысты.
Вашынгтон, куды мы прыляцелі, сустрэў нас вавёркамі, лёгкім летнім дажджом і гатэлям “Marriot”, які лічыцца вельмі добрым. Памежнікі аказаліся зусім ня страшныя, мытны кантроль - ня строгім. Памежнік запытаўся ў які ўнівэрсытэт я еду і пажадаў мне посьпехаў. А мытны іспэктар задала некалькі стандартных пытаньняў і прасіяла “Welcome to America!”