Хочацца верыць…
Заўтра вялікі дзень у Беларусі. Вялікі, бо адбудзецца Кангрэс дэмакратычных сілаў. Магчыма, будзе абраны адзіны кандыдат ад апазыцыі, каторы будзе супрацьстаяць Лукашэнку на наступных выбарах. Вялікі і, думаю, цяжкі.
Канкурэнцыя, напружаньне… Як заўсёды. Таксама, хто яго ведае, што могуць выкінуць беларускія ўлады. Усе разумеюць, што Кангрэс могуць сарваць. Але хочацца верыць, што ўсё пройдзе, як мае быць. Хочацца верыць…
З тых, хто ідзе на Кангрэс, мне найбольш імпануе Мілінкевіч, бо ён найперш чалавек адукаваны і прыстойны. Гэтых якасьцяў цяперашняй уладзе вельмі моцна не хапае.
Лідэр мусіць весьці за сабой да нечага сьветлага, мусіць супрацьпаставіць веды і досьвед цемрашальству. Лідэр павінен магчы адказваць на складаныя пытаньні. У лідэра хочацца верыць.
Сёньня зранку глядзеў выступ Тоні Блэра на Кангрэсе Лейбарсцкай партыі ў Вялікай Брытаніі. Блэр казаў пра лідэрства. Пра тое, што гэта значыць. Казаў пра будучыню, пра тыя задачы, што стаяць перад ягонымі аднапартыйцамі. Ён з запалам, упэўнена і пераканаўча даводзіў сваю пазыцыю, разумеючы, што нават у ягонае партыі шмат хто зьяўляецца далёка не ягоным прыхільнікам. Шмат хто яго з радасьцю б з пасады кіраўніка краіны даўна б прыбраў, як сярод патэнцыйных левых выбаршчыкаў, так і сярод ягоных паплечнікаў.
І тым ня менш, ён “гнуў сваю лінію”, бы прафэсыйны актор на сцэне…
Лідэр – гэта харызма, маральныя якасьці, асоба ў адным фляконе. Лідэр – гэта Мілінкевіч? Магчыма… Я б не назваў яго пераканаўчым харызматыкам, але ягонаму досьведу і пазыцыі хочацца верыць…
Паглядзім на вынікі Кангрэсу.
