October 31, 2005

Kali vierycca ŭ śvietłaje i chočacca być biełarusam

Filed under: Belarus, America - Administrator @ 6:44 pm

Upieršyniu ŭ Biełarusi vyjšaŭ kampakt-dysk znakamitaha śpievaka Dančyka, paviedamlaje “Svaboda”. Albom “Ad vas ja daloka” vypuściła “BMAgroup”.
Narešcie! Ja maju zapisy Dančyka na kasecie. Patrapiłasia mnie niejak i videaversija jahonaha kancertu ŭ Biełarusi. U kamputarovym farmacie siarod amataraŭ biełaruskaha p2p sharing-u jość kiepska aličbavany zapis z kasety. U mp3 farmacie Dančyka možna znajści ŭ niekatorych mienskich internatach i ŭ pryvatnych kalekcyjach. I voś narešcie jakasny CD-zapis. Pieršy nakład dysku – 1000 asobnikaŭ.
Ździŭlaje, čamu śpiavak nia maje ni svajho aficyjnaha sajtu, ni fen-sajtaŭ. Ja dumaju, što nia tolki ja, ale i inšyja amatary biełaruskaj muzyki, z nastalhijaj adnosiacca da tych ramantyčnych biełaruskich pieśniaŭ, što zapisvaŭ Dančyk i jakija natchniali i ŭzdymali duch u pačatku 90-ch hadoŭ.
Ciapier ža ja časta staŭlu muzyku tych hadoŭ, bo tady było šmat śvietłych i ŭźniosłych śpievaŭ. Jakija cudoŭnyja rečy zapisvali “Ŭlis” i “Krama”, “Mroja” i Sokałaŭ-Vojuš, “Novaje Nieba” i Alen… Ciapier i tematyka, i tanalnaść biełaruskaj muzyki źmianilisia. I časam chočacca tych raniejšych ramantyčnych nastrojaŭ pačatku 90-ch.
Kažuć, adradžeńnie prychodzić chvalami. Mahčyma, pieravydańnie Dančyka choć krychu nablizić novy pryliŭ nacyjanalnaha ramantyzmu… kali vierycca ŭ śvietłaje, chočacca dychać svabodaj i być biełarusam.

Hałoŭnaje - padtrymać rodny ŭnivier

Filed under: America - Administrator @ 1:23 am

9 listapada mužčynskaja futolnaja kamanda Chapel Hilla spatkajecca na poli z Dukam. Hetyja dva ŭniversytety viečna spaborničajuć, jak u planie navuki, tak i na spartovych arenach. Na hety raz spabornictva adbudziecca nie ŭ tradycyjna amerykanskim vidzie sportu, a ŭ tym futbole, u jaki hraje Dynama-Miensk i Manchester United. Heta hulnia nia nadta papularnaja ŭ Amerycy, chacia žanočaja kamanda USA maje vialiki pośpiech na mižnarodnych spabornictvach. Amerykanskija mužčyny najpapularniejšy sport Eŭropy asabliva nia lubiać. “Eŭrapiejski” futboł amerykancy nazyvajuć soccer.
U mnohich amerykanskich barach i kaviarniach na ścienach visiać vialikija ekrany, na jakich pakazvajuć u pramym etery matčy amerykanskaha futbołu albo baseball. Niejak ŭ adnoj z kaviarniaŭ la kampusu ja pabačyŭ tranślacyju “soccer”. Voś tolki ekran byŭ maleńki, i ŭvahi na hety sport naviedniki nie źviartali zusim.
I tym nia mienš, u futboł amerykancy hulajuć. Matč UNC vs Duke budzie tranślavacca pa nacyjanalnym telebačańni. I tut nia važna, jaki vid sportu – hałoŭnaje padtrymać rodny ŭnivier, što źbirajucca zrabić mnohija našy studenty.

Sol samoty

Filed under: America - Administrator @ 12:23 am

Noč na ŭschodnim uźbiarežžy,
miesiac pstrykaje zapalničkaj
praz abłoki
prasočvajecca ŭ dušu
vieraśniem.

Akijan, salony i vialiki,
honić chvali, bjecca ab bierah,
dychaje Eŭropaj,
franzuzskaj parfumaj,
tureckaj šaŭrmoj,
i hołasam Bandarčuka
z dalokaj Prahi.

Spačatku… kali ŭvachodziš u vadu
zdajecca, što patonieš –
viazki piasok tak i zaciahvaje,
a chvali nie vypichvajuć,
a šturchajuć u śpinu.
ale ŭžo praz paru metraŭ,
ty adčuvaješ ćviordy hrunt.
I by dzicio
padskokvaješ na chvalach
albo nyraješ…
U pieršyja chviliny strašna,
potym viesieła.

Ale salonaja,
ci to ad śloz ci to ad akijanu,
samota pa Radzimie (ci chalera viedaje pa čym)
zastajecca.

October 28, 2005

Аднапалярнаму сьвету прыходзіць канец?

Filed under: America - Administrator @ 5:57 pm

“Злучаныя Штаты вырасьцілі Доктара Франкенштайна, які іх і паглоціць” – піша пра Кітай Клайд Прэстовіц, былы супрацоўнік гандлёвага дапартамэнту адміністрацыі Рэйгана, у сваёй кнізе “Тры мільярды новых капіталістаў: Вялікі зрух багацьця і моцы на Ўсход”.
Сёньня Хіна (так раней беларусы называлі Кітай) прадукуе дзьве трэція ўсіх ксэраксаў, абутку, цацак і мікрахвалёвак, палову DVD-прайгравальнікаў і настольных кампутараў, лічбавых фотаздымачоў. 30 адсоткаў электронных тавараў экспартуе Кітай.
Індыя запозна кінула індустрыяльны выклік Кітаю, але захапіла рынкі праграмнага абсталяваньня, інфармацыйных тэхналёгіяў і мэдыцыны. Галоўны актыў Індыі – гэта шматлікасьць недарагой, але высока адукаванай, таленавітай англамоўнай працоўнай сілы. Многія атрымлівалі высокага роўню адукацыю за мяжой.
Але Індыя не выклікае такога вялікага страху ў Захаду, як Кітай. Бо Індыя – гэта дэмакратыя, а Кітай – занадта непрадказальная краіна, якая афіцыйна яшчэ зьяўляецца камуністычнай.
Журналіст Тэд Фішман закранае аналягічныя тэмы ў сваёй кнізе “Карпарацыя Кітай: як уздым новай звышдзяржавы кідае выклік Амэрыцы і сьвету”.
Нічога, Фішман перакананы, ня спыне кітайскі наступ, бо Кітай ужо выбудоўвае “крытычныя масы кампаніяў, што каталізуюць крэатыўны фэрмэнт, які вядзе да хуткіх інавацыяў”. Фішман прадбачыць рост канкурэнцыі ЗША і Кітаю: “Гэта павольнае мераньне сіламі, але яно ідзе”.
Падрабязна абедзьве кнігі аналізуе Робэрт Скідэльскі ў артыкуле “Кітайская сьцень”, надрукаваны ў кастрычніцкім нумары “New York Review of Books”.

Падтрымай акцыю!

Filed under: Belarus - Administrator @ 4:55 pm


October 26, 2005

Хутка Halloween

Filed under: America - Administrator @ 4:10 am

halloweenЧас рыхтаваць лахманы, маскі пачвараў, набываць дыні. У наступны панядзелак, 30 кастрычніка, Амэрыка і ўвесь вэстэрнізаваны сьвет сьвяткуе Halloween.
Назва паходзіць ад All Hallows Eve, ці ночы перад ‘All Hallows’ (днём усіх сьвятых). Папулярнасьць гэтага сьвята ў ЗША велізарная. У Чэйпэл Гіле ў вечар цэнтральная вуліца гораду Франклін Стрыт мае ператварыцца ў карнавал ведзьмакоў, прывідаў, вупыроў, зомбі і г.д. Лізінгавы офіс майго жыльлёвага комплексу аб’явіў конкурс на лепшае сьвяточнае афармленьне гаўбца.
Суседзі дзьверы ў сваю кватэру ўжо аформілі ў загробным стылі, а побач паставілі пудзіла галоўнага героя фільма “Сквіл” (Scream).
Цэлыя плянтацыі дыняў сустракаюцца тут і там каля жылых дамоў у Карбара – народ рыхтуецца сур’ёзна. Хэлоўін у Чэйпэл Гіле – гэта ня проста сьвята. Тут гэта фэстываль. Па прагнозах мясоцвай мэрыі чакаецца ўдзел дзясяткаў тысяч чалавек у мерапрыемствах у даўнтаўне, цэнтры гораду. Усе цэнтральныя вуліцы будуць перакрытыя для транспарту. Ня будуць хадзіць і аўтобусы. На сьвята забаронена прыносіць алькаголь, зброю, шкляныя бутэлькі, жывёл і пітарды.
Хэлоўін будзе сьвяткавацца і ў Беларусі. Сярод папулярызатараў сьвята можна вылучыць Задзіночаньне беларускіх студэнтаў, якое ўжо даўна пачало адзначаць папулярнае ў сьвеце буйства злыдняў. Хаця папулярнасьці Хэлоўіна ў Беларусі перашкаджае наяўнасьць свайго аналягічнага па сваёй квінтысэнцыі сьвята – Купальля.

October 24, 2005

lacinka.org

Filed under: Belarus - Administrator @ 7:57 pm

Ня так даўна зьявіўся новы сайт для прыхільнікаў лацінкі - lacinka.org. Сайт выкананы на CMS Mambo, якая была названая лепшая сыстэмай кіраваньнем кантэнтам у 2004 годзе. На сайце ёсьць лацінкавы пераклад гэтага папурянага софту для вэб-дызайнэраў.
Хачу выказаць шкадаваньне, што вядомы прыхільнік лацінкі Zolak вырашыў зрабіць сайт на Mambo, а не на некамэрцыйнай яе вэрсіі Joomla. Як вядома, кампанія Miro International Pty Ltd забрала назад правы на папулярную “Мамбу” і ў знак пратэсту большасьць кодэраў арыгінальнай каманды і third-party распрацоўшчыкаў пераключыліся на Joomla, якая мясяц таму атрымала дзьве ўзнагароды на Linux & Open Source Awards у Лёндане, уключна з прэстыжнай прэміяй за “Best Linux / Open Source Project”. У 2004 г. такую ж узнагароду атрымала была Mambo.

Запрацаваў яшчэ адзін пра-пазьнякоўскі сайт

Filed under: Belarus, America - Administrator @ 12:27 am

pazniakПадзеі разгортваюцца даволі хутка. Запрацаваў сайт http://www.pazniak.com/. Гэта відэа-аўдыё старонка, якую вядзе Анатоль Старкоў. Сайт вельмі просты, але зроблемы з густам. Лічу памылкай пагоню “за наваротамі”, якая часта назіраецца ў белнэце. Файна, калі вэб-дызайнер умее маляваць “флэшкі” і ведае ActionScript, але калі мультымэдыйныя ўстаўкі зьяўляюцца і тут, і там на старонцы, калі хатняя бачына грузіцца на беларускім “даялапе” некалькі хвілін, ці выканае такі свайт сваю функцыю?
Pazniak.com – гэта цікавы пачатак для “фэн-сайту” жывога стоду 90-х гадоў, каторы цяпер жыве і працуе ў эміграцыі. Сайт пакуль што выглядае пуста, але, гэта толькі пачатак. Пакуль што ўстрымаюся ад крытыкі. Заўважу толькі тое, што “пазьнякоўцы” працуюць у інтэрнэце сапраўды актыўна. Агітацыі за Мілінкевіча альбо за Казуліна на форумах асабліва не назіраецца.

October 23, 2005

Аўра, у якой жыве мэтраполія

Filed under: Belarus, America - Administrator @ 6:55 pm

ЛуЯк паведамляе Радыё «Свабода», сацыёлягі НІСЭПД зафіксавалі істотную зьмену вобразаў суседніх краін у вачох беларусаў. Амаль 30 адсоткаў апытаных заявілі, што Польшча ставіцца да Беларусі недружалюбна, больш за 20 адсоткаў такой жа думкі ў адносінах да Літвы і Латвіі. Найбольш нэгатыўныя ацэнкі ў беларускага электарату ў адносінах да ЗША: 56 адсоткаў рэспандэнтаў лічаць Злучаныя Штаты недружалюбнай краінай. Куба, Паўночная Карэя і Іран маюць нашмат лепшае стаўленьне з боку беларусаў. Сацыёлягі адзначаюць, што гэткія вынікі – наступствы прапаганды беларускіх дзяржаўных СМІ.
Такім чынам, я вучуся ў лоне д’ябла, у самым тылу ворага, у краіне, якую большасьць беларусаў, паводле НІСЭПД, лічаць да сябе варожай.
Чытаць далей…

October 22, 2005

Вайна “Франтоў”?

Filed under: Belarus - Administrator @ 1:05 am

У інтэрнэце зьявіўся новы афіцыйны сайт КХП БНФ, што узначальвае Зянон Пазьняк. Новы адрас “пазьнякоўцаў” у інтэрнэце - http://www.pbpf.org/ адрозьніваецца адной літарай ад адрасу сайту Партыі БНФ, якую ўзначальвае Вінцук Вячорка, - http://pbnf.org/. Наведнікі форумаў Tut.by ужо ахрысьцілі такі стан рэчаў “інфармацыйнай вайной”.
Раней афіцыйная старонка партыі Зянона Пазьняка разьмяшчалася па адрасе www.bpfs.boom.ru/, што выклікала ў многіх кпіны, бо сайт у дамэне “ru”. І вось нарэшце сайт пераехаў. Чытаць далей…

Get free blog up and running in minutes with Blogsome | Theme designs available here

stats count