Салідарнасьць
Часопіс “Fortune” надрукаваў сьпіс 500 кампаніяў, што спрычыніліся да беспрэцэдэнтнай акцыі па дапамозе пацярпелым рэгіёнам ад урагану “Катрына”. Ахвяраваньні маюць часта сямізначныя лічбы.
Узгадалася гэта ненарокам, бо да гэтага часу за 200 мэтраў ад майго дома стаіць “трак”, як кажуць мясцовыя беларусы, ці фура, як кажуць у Беларусі, куды мясцовыя жыхары дагэтуль могуць прыносіць рэчы і ахвяраваньні.
Адзін толькі наш кампус сабраў болей за 60 тысячаў даляраў. Каля $19,415 удалося сабраць падчас гульні UNC супраць Wisconsin. Вельмі някепскія вынікі для ўнівэрсытэцкага гарадку.
Кпіны, якіх было шмат чуваць пра амэрыканцаў з нагоды ўрагану, лічу, незаслужаныя. Так, было шмат пралікаў з боку лякальных і фэдэральных уладаў, але зьдзівілі самі людзі, якія праявілі нечуваную ў нашых краёх салідарнасьць.
Аўтарытарызм псуе. Мы робімся больш зацыкленыя на сваім уласным страўніку. Жывем адным днём.
Нехта з палітолягаў назваў тое, што адбываецца ў Беларусі, “кубінізацыяй”. Па-мойму, слушны тэрмін. І плыць ня трэба, каб апынуцца ў свабоднай краіне. Дастаткова перасекчы заходнюю ці паўночную мяжу і ўжо Эўразьвяз.
Але неякая сумная аналёгія. Рэжым на Кубе трымаецца ўжо доўгія дзесяцігодзьдзі. Рэвалюцыя, што прывяла Кастра да ўлады, была аж у 1959 годзе. Ужо другое тысячагодзьдзе, Штаты побач. І што? Канешне, каб не было Саюзу, Куба столькі б не пратрымалася. Думаецца, што хутка на “выспе Свабоды” наступяць зьмены, бо падтрымкі “братняга СССР” не існуе.
Колькі можа пратрымацца Лукашэнка? Саюзу ўжо няма. Але ёсьць Крэмль, ёсьць Расея, каторая не за акіянам (як у выпадку з Кубай), а непасрэдна за мяжой. Ды і мяжы ўжо той няма.
Мілінкевіч ня той кандыдат, якога ўхваліць Масква. Ужо расейскія СМІ пішуць пра тое, што яго падтрымаў «националистический Белорусский Народный Фронт». Калі ён праўда застанецца адзіным, няма што спадзявацца нават на нэўтралітэт расейскага кіраўніцтва. Але разам з тым, гэты кандыдат, калі выйграе выбары, ня збочыць, ня здрадзіць дэмакратычным каштоўнасьцям. Ёсьць у мяне такое пачуцьцё.
Прыкра назіраць за тым, што адбываецца ў АГП. Калі дамовіліся, што ў любым выпадку пойдзем адной камандай на выбары, будзем падтрымліваць адзінага кандыдата, дык значыць – дамовіліся. Трэба выконваць абяцаньні, слова трэба трымаць.
Вызначаць адзінага можна да бясконцасьці, аж да дню галасаваньня. І што будзе за вынік? Цяпер трэба хутчэй ствараць каманду, падымаць рэгіёны, рыхтавацца да барацьбы. Трэба праявіць салідарнасьць! Калі жыць адным днём, дык заўтра можа не наступіць. Уяўляеце такі пэрманэнтны дзень сурка: прачынаесься і нічога не зьмяняецца. Па-мойму, «дзень сурка» цягнецца ўжо другое дзесяцігодзьдзе. Можа варта ўжо прачнуцца і паглядзець на сьвет крыху з іншай пэрспэктывы?
