“Чырвоным па беламу”
Вы памятаеце Public Enemy? А Rakim? А можа вы чулі KRS-One? Тады вы пэўна скончылі школу, як і я (каля 1994 году), піша Талва Рыўзі на старонках “Daily Bruin”, што выдаецца на кампусе Ўнівэрсытэту Каліфорніі. Аўтар выступае супраць таго, што ён называе “Doggy-Doggization” хіп-хопу. Маўляў рэпэры заклапочаны толькі тэмамі брыльянтаў, дарагіх машынаў, сэксу і прыгожага жыцьця. Адсутнічае сур’ёзная сацыяльная лірыка, аб чым шкадуе аўтар.
Чытаючы гэты артыкул пад гукі андэрграўнднага рэп інтэрнэт-радыё Bassment.com, прыйшла аналёгія са станам беларускага хіп-хоп мастацтва. Жывучы ў Беларусі, мне давялося пазнаёміцца зь некаторымі беларускімі рэпэрамі, а таксама пераслухаць даволі багата падборак беларускага хіп-хопу. І што вы думаеце? Такая самая карціна!
Беларускія рэпэры ў сваёй большасьці сьпяваюць на прымітыўныя, папсовыя тэмы з лінейным сюжэтам, а часам і безь яго. Часам гэта пустая лаянка адно на аднаго – тое, што ў рэпе завецца beef-ам. Вельмі часта гучаць сюжэты, кшталту “ты мяне кінула”, “якая ты…”, “мы крутыя пацаны… ваабшчэ”. І ўсё гэта амаль заўсёды па-расейску.
Ладна, Амэрыка. Снуп Дог зарабіў мільёны даляраў на сваіх ранейшых альбомах, а таксама на сваім суперпасьпяховым шоў “Doggy Fizzle Televizzle” на MTV.
Але што беларускія рэпэры? Няўжо няма сур’ёзных тэмаў, пра якія можна сьпяваць?
Аляксандар Памідораў, якога са складанасьцю можна назваць рэпэрам, быў паказаў добры прыклад сацыяльнай лірыкі “Крывавым сьвятам”.
І вось нарэшце зьявілася нешта… Гурт завецца “Чырвоным па беламу”. Скачаць песьні можна тут.
Сьмела хлопцы пішуць на палітычныя тэмы. Хачу па шчырасьці сказаць, што працаваць ім яшчэ трэба шмат над бітамі, чыткай. Не хапае прафэсійнага прадусінгу, але за тое жорстка. Менавіта гэтага беларускаму рэпу ўжо даўна не ставала. Новыя запісы “Чырвоным па беламу” ўжо маюць зусім іншую якасьць. Адзін трэк запісаны разам з польскім рэпэрам UMR. Зьявіўся ў хлапцоў і першы diss, песьня-зьнявага (запісваецца, калі паміж рэпэрамі beef) на хіп-хопера з іншага кляну.
Усім раю паслухаць.
