Акцыі нашай салідарнасьці
Гэтым ўікэндам адбудуцца дзьве цікавыя акцыі.
У суботу ў розных краінах пройдзе “Марш за дэмакратыю ў Беларусі”. Пройдзе ў ЗША, Вялікай Брытаніі, Гане, Канадзе, Тайвані, Турцыі, Непале, Польшчы, Паўднёвай Афрыканскай Рэспубліцы.
Як кажа арганізатар акцыі ў Вашынгтоне, галоўная мэта: “падвысіць сьвядомасьць сусьветнае супольнасьці аб праблемах у Беларусі.” Удзел у акцыі прымуць звычайныя студэнты. Ініцыявалі акцыю “Студэнты за дэмакратыю ва ўсім сьвеце”, міжнародная арганізацыя, якая раней актыўна падтрымлівала памаранчовую рэвалюцыю ва Ўкраіне, а цяпер актыўна ангажуецца ў дэмакратызацыю Беларусі.
У гэту нядзелю, 16 кастрычніка, 20:00 тысячы беларусаў выключаць сьвятло ў сваіх дамох і запаляць сьвечкі. На гэта спадзяюцца ініцыятары акцыі салідарнасьці з палітвязьнямі журналістка Ірына Халіп, актывіст руху “Зубр” Мікіта Сасім, лідар грамадзянскай ініцыятывы “Мы памятаем” Ірына Красоўская. Акцыю ўжо падтрымалі такія VIP, як Ніл Гілевіч, Лявон Вольскі, Зінаіда Бандарэнка, Андрэй Мельнікаў і іншыя.
