October 17, 2005

Як прамаўляў Джон Эдуардз

Filed under: America - Administrator @ 6:06 pm

Сёньня а 12:00 гадзіне ў вялікае залі Студэнцкага зьвязу UNC прамаўляў Джон Эдуардз. Такім чынам ён адкрыў тур па 10 кампусах ЗША, каб падтрымаць стварэньне новай арганізацыі “Opportunity Rocks”, мэтай якой ёсьць змаганьне з галечай у Амэрыцы і ва ўсім сьвеце.
Адкрывала імпрэзу Джэмі Кірк, прэзыдэнт філіі “Opportunity Rocks” у UNC. Але прамаўляла ня доўга, бо заля зь нецярпеньнем чакала выступу знакамітага выпускніка нашага ўнівэрсытэту, мінулагодняга кандыдата на пост віцэ-прэзыдэнта ЗША ад Дэмакратычнай партыі, сэнатара Джона Эдуардза.
52-гадовы палітык выглядаў, як сапраўдны rock star: элегантны, энэргічны, гожы, выкшталцоны, спартыўны, харызматычны. Сарваць авацыі залі яму было не складана, бо ён тут на сваёй тэрыторыі, але трымаць увагу ён сапраўды ўмее.
Вось дзе якасьці палітыка, якім пазайздросьціш, - уменьне пераконваць, трымацца свабодна і ўпэўнена. Кожная мімадзея, рух, жэст павінен адпавядаць сітуацыі. Кожнае слова павінна быць на сваім мейсцы, мова павінна быць граматычна правільнай і зразумелай. Ідэалаў няма. Эдуардз таксама зрабіў пару абмылак, але яны былі ледзь заўважнымі і хаваліся за велікародным мэсыджам – дапамагчы бліжнім, тым, хто побач, але хто дрэнна жыве, ня можа сабе дазволіць добры коледж, хто галадае. Казаў пра “Катрыну”, пра салідарнасьць, пра тое, што амэрыканцы (заўв. - як і беларусы) патрабуюць адзінства, узаемадапамогі, нацыянальнай супольнасьці.
І пастаянна ў сваёй прамове ён апэляваў да залі: тое, што ВЫ можаце зьмяніць Амэрыку, што ВЫ можаце зьмяніць гэты сьвет да лепшага.
Пераканаўча.
Ці здолее так жа пераканаўча выступаць перад публікай наш адзіны кандыдат?

Пытаньні, якія вымагаюць адказу

Filed under: Belarus - Administrator @ 4:59 am

Такім чынам, акцыя “Салідарнасьць 16” з большага прайшла незаўважанай. Інтэрнэт аказаўся не такім і моцным сродкам, каб заклікаць беларусаў выключыць сьвятло на 15 хвілінаў і запаліць сьвечку. Камусьці не хацелася адрывацца ад улюбёнай “міркі”, хтосьці палічыў гэта ўсё “несур’ёзнай зацеяй”, а нехта проста ня ведаў…
Як так? Чаму пры ўсёй рэкляме, банэрах, паведамленьнях на форумах, інфармацыі ў незалежных СМІ, а таксама наяўнасьці асобнага сайту кампаніі, фактычна ніхто акцыю не падтрымаў?
Па-першае, інтэрнэт, як можна зразумець, даступны далёка ня кожнаму. Тыя, каму ён даступны, як гэта не парадаксальна, часта прадстаўляюць сабой клясу пасіўных апазыцыянераў, альбо нават проста пасіўных. Лукашэнка многім кампутаршчыкам, чатланам, “падонкам”, “бабруйчанам”, прогерам, блогерам, кантрастрайкерам, дезігнерам, юзверам і г.д. глыбока па барабану. Яны можа і хацелі б нешта зьмяніць, але многія заглыбленыя ў свой віртуальны сьвет, альбо проста працуюць у афшорах, займаюцца аўтсорсінгам – то бок, жывучы ў Беларусі, працуюць ці на ЗША, ці на ЭЗ, атрымліваюць заробак у банку і, ў прынцыпе, задаволены сваім становішчам. Мала хто з касты актыўных інтэрнэтчыкаў гатовы рызыкаваць. Альбо проста не хапае штуршка ці рубільніка, каторы вымусіць выйсьці на офлайнавы пратэст, а не на віртуальны – маляваць Лукашэнку ў Фоташопе ці распавядаць анэкдоты ў “асьцы”.
Па-другое, абсалютная большасьць тых, што ня ў інтэрнэце, пра акцыю і ня чулі, як паведамляе “Свабода”. Стан незалежнай прэсы на Беларусі выклікае сум. Незалежныя газэты можна зьлічыць на пальцах. Постэраў і ўлётак шмат не панаклейваеш – пазьдзіраюць, графіці – замажуць.
Па-трэцяе, ёсьць проста задаволеныя становішчам бюргеры, каторыя кажуць банальнае “Я жыву ня дрэнна”. Далей звычайна ідзе параўнаньне з прапойцай суседам, на тле якога бюргер глядзіцца вельмі ня кепска.
Па-чацьвёртае, ёсьць нават сярод патэнцыйна апазыцыйных масаў тыя, хто лічаць падобныя акцыі дзіцячай забавай, як маляваць на сьценах. “Хай “зубры” такім займаюцца”…
Сумны вынік акцыі – гэта добры палявы досьлед аўдыторыі для апазыцыйных сілаў. Вось які стан справаў на 16 кастрычніка. Шмат працы трэба зрабіць, каб зьмяніць становішча. На дадзеным этапе беларусы не гатовыя праявіць салідарнасьць па зьніклых. Па кім ці чым змогуць?
Адказаць на гэтае пытаньне трэба як раней.

Get free blog up and running in minutes with Blogsome | Theme designs available here

stats count