Чаканьне белакрылага анёлу
У аўторак хадзіў на пастаноўку клясычнага твору эўрапейскага мадэрнізму “Чаканьне Гадо” Сэмуэля Бэкета. Прэм’ера адбылася на сцэне тэатру Кэнан у Цэнтры драматычнага мастацтва ў нас на кампусе.
“Чаканьне Гадо” ў мяне выклікала асацыяцыю чамусьці з ZETаўскім чаканьнем “сьветлага анёлу”. Цытую:
“Дзе ты падзеўся, белакрылы наш анёл?
Наш абаронца, прасякнуты сонцам?”
Гэтая песьня так моцна люструе той стан чаканьня зьменаў, спадзеў на “заступніка, гнеўную стралу, таго, хто здыме насланьнё”.
Анёла гэнага ніхто ня бачыў, ці бачылі ўсё ж?
Гадо гэнага ніхто ня бачыў, ці бачылі ўсё ж?
Неяк усё занадта падобна… вось толькі Бэкет ствараў, што крытыкі называюць “тэатрам абсурду”, а загадкавы “ZET” перадаў настроі значнай часткі сучаснай Беларусі.
Актывіст “Зубра” Мікіта Сасім заявіў пра 100-тысячны ўдзел у акцыі “Салідарнасьць 16”. Хочацца верыць, але лягічней будзе запытацца, хто лічыў? Ці можна з упэўненасьцю сьцьвярджаць, што гэтая лічба заслугоўвае даверу.
Калі пашукаць па форумах, запытацца ў чатах і IRC-каналах, ацэнкі арганізатараў выглядаюць мякка кажучы завышанымі.
Значная частка беларускага соцыюму патанула ў адсутнасьці ўзаемаразуменьня, камунікацыя парушылася, а чаканьне Гадо пачало ператварацца ў літургічны сон.
“Нашы героі сядзяць у шынках, зброю сваю прапілі, прагулялі” сьпявае загадкавы вакаліст энігматычнага ZET-у. Шмат хто выбраў функцыю незалежнага назіраньня за тым, што ў нас адбываецца. І я ня маю на ўвазе функцыю незалежнага назіральніка на выбарах, якую можна толькі вітаць, а проста назіраньне збоку за тымі працэсамі, што адбываюцца ў краіне.
Любая акцыя салідарнасьці вымагае, прынамсі, простага дзеяньня: выключыць сьвятло, запаліць сьвечку, нацапіць памаранчовую стужку. Проста назіраць не атрымаецца. А калі ўсе будзем назіраць? Як мы пабачым, што нас сапраўды шмат? Згодны з арганізатарамі, што акцыі салідарнасьці варта працягваць. Нават дзеля палявога экспэрымэнту (field experiment) над патэнцыялам апазыцыйнага электарату.
Калі ўсе будзем проста чакаць на Гадо ці белакрылага анёла, то ён можа не зьявіцца ніколі. Кажуць, у кожным з нас жывуць анёлы і дэманы. У некаторых перамагаюць адны, у некаторых – другія.
За дабро ў сабе і ў сьвеце навокал трэба змагацца. Інакш апаноўвае цемра. Цемра таксама перамагае, калі сядзіш і чакаеш, што за цябе паклапоціцца нехта іншы. Чаканьне – гэта сумневы, невядомасьць, а значыць страх. Страх – значыць агрэсія. Агрэсія вядзе да нянавісьці. Нянавісьць выклікае цемру і злое. І дэманы перамагаюць. Як бы гэта ўсё банальна не гучала і не нагадвала галівудскія фільмы ці “Ночной дозор”. Як казаў той, “дзеля трыюмфу зла дастаткова, каб добрыя людзі нічога не рабілі”. Менавіта абудзіць у сабе і іншых гэтага анёльчыка спрабавалі арганізатары акцыі. Але грамадства страху растармашыць складана.
P.S.: Спампаваць песьню “Анёл” можна тут.
Паглядзець флэшавую пародыю на “Чаканьне Гадо” можна тут.
