October 21, 2005

“Нобэль” дастаўся Пінтэру

Filed under: America - Administrator @ 2:02 am

У гэтым годзе Нобэлеўская прэмія ў галіне літаратуры дасталася апантанаму крытыку Амэрыкі, герою антыглябалістых, абаронцу ворагаў Вашынгтону, драматургу і публіцысту Гаральду Пінтэру.
Мяне, як і шмат каго ў сьвеце, зьдзіўляюць і наводзяць на сум некаторыя кантравэрсійныя дэцызіі Камітэту, напрыклад абраньне ляўрэатам Пінтэра, ня кажучы ўжо пра прэмію Міжнароднай агенцыі па атамнай энэргіі (МАГАТЭ), каторая фактычна аспрэчыла жахлівыя наступствы Чарнобылю для чалавека.
Наконт Пінтэра: ня тое, што я лічу ягоную творчасьць недастойнай альбо хачу прынізіць вельмі шаноўнага аўтара, але мне падаецца, што Камітэт усё больш і больш сасьлізгвае ў палітычным кірунку, а не базуецца на ацэнцы творчасьці літаратараў. Разумею, што выбар, каму прэмію даць, а каго пакінуць у сьцені, робіцца заўсёды даволі суб’ектыўна. Камусьці аўтар падабаецца, камусьці не. І ў гісторыі шмат cornerstone classics літаратуры чамусьці засталіся бяз “нобэля”. Узгадайма хаця б Джойса і Быкава.
Пінтэр безумоўна цудоўны драматург і жывы клясык брытанскае літаратуры. Прэмія нібыта і заслужаная, але ці ня ёсьць гэта палітычным рашэньнем?
Мода на антыамэрыканізм каціцца, як “rolling stone”, ці хутчэй “Rammstein” і “Green Day”, каторыя запісалі ледзьве ня гімны сучаснага антыамэрыканізму. Пінтэр ня пісаў гімны, ён пісаў, калі заўгодна, канстытуцыю. Публіцыстыка брытанца красамоўна і наўпростава была скіраваная супраць амэрыканскага ўраду і праамэрыканскае палітыкі Блэра. Прыклад Пінтэраўскіх атакаў надрукаваны ў апошнім нумары “Нашай Нівы”. Аўтар мае на гэта права, але акадэмікі, абраўшы яго ляўрэатам, становяцца поплеч зь ім у ягоным змаганьні, падтрымліваюць гэтую нездаровую тэндэнцыю антыамэрыканізму, якая нічога канструктыўнага і станоўчага не нясе, а выклікае толькі яшчэ большую напружанасьць у сьвеце і дадатковую варожасьць да ЗША. Эўропа яўна хоча дыстацыявацца ад Амэрыкі, але ці будзе ад гэтага карысьць?

Get free blog up and running in minutes with Blogsome | Theme designs available here

stats count