Аўра, у якой жыве мэтраполія
Як паведамляе Радыё «Свабода», сацыёлягі НІСЭПД зафіксавалі істотную зьмену вобразаў суседніх краін у вачох беларусаў. Амаль 30 адсоткаў апытаных заявілі, што Польшча ставіцца да Беларусі недружалюбна, больш за 20 адсоткаў такой жа думкі ў адносінах да Літвы і Латвіі. Найбольш нэгатыўныя ацэнкі ў беларускага электарату ў адносінах да ЗША: 56 адсоткаў рэспандэнтаў лічаць Злучаныя Штаты недружалюбнай краінай. Куба, Паўночная Карэя і Іран маюць нашмат лепшае стаўленьне з боку беларусаў. Сацыёлягі адзначаюць, што гэткія вынікі – наступствы прапаганды беларускіх дзяржаўных СМІ.
Такім чынам, я вучуся ў лоне д’ябла, у самым тылу ворага, у краіне, якую большасьць беларусаў, паводле НІСЭПД, лічаць да сябе варожай.
Прапаганда працуе. Працуе несупынна. Інтэрнэт дазваляе крыху сачыць за тым, што паказвае дзяржаўнае тэлебачаньне, бо ў сеціве даступнае так званае «Беларусь ТВ», канал, які круціць у асноўным старыя фільмы і праграмы на аграрна-краязнаўчыя тэмы, але ўстаўляе і пэрлы, кшталту «В центре внимания» і «Панорамы». Вельмі карысна паглядзець, каб зноў адчуць інфармацыйную прастору, у якой даводзіцца жыць беларускаму грамадству.
Ня цяжка заўважыць, што калі і ўзгадвае тэлеканал пра Амэрыку ў большасьці выпадкаў, інфармацыя рэзка нэгатыўная. Амэрыка сапраўды культывуецца, як вораг, як нешта чужое, страшнае, варожае, непрымальнае, недэмакратычнае і г.д. Кантрастуюць падобныя сюжэты з расповядамі пра небывалыя посьпехі беларускай эканомікі, бясьпеку, сацыяльныя выгоды беларускай мадэлі разьвіцьця. Маўляў, як файна жыць у Беларусі, і як кепска, складана ў Амэрыцы. Якія тут несправядлівыя ўлады, законы і г.д.
І гэта ільецца на беларускага гледача штодзень з усіх дзяржаўных тэлеканалаў. Дзяржаўнае радыё, якое таксама можна слухаць на сайце tvr.by, у сваіх “амэрыканскіх” сюжэтах мала чым розьніцца ад ТВ.
Такім чынам, фармуецца ўспрыманьне Амэрыкі простымі беларусамі. Ня хочацца быць “беларускім Таратутай”, каторы некалі ў перабудовачныя часы адкрываў вочы на Амэрыку жыхарам СССР, але буду спадзявацца, што гэты блог будзе несьці хоць нейкае зерне праўды беларускаму чытачу.
Сумна назіраць над тым, як у ворагі запісваюць суседзяў – палякаў, летувісаў, латышоў, якія стагодзьдзямі жылі побач з намі. Урады іх краін, як і ўрад ЗША, заклапочаныя станам рэчаў у нашай краіне нездарма. Калі б у Беларусі было ўсё добра, ці ўзьнікалі б арганізацыі кшталту “Звязу беларускіх палітычных уцекачоў у Польшчы”? Калі беларуская мадэль разьвіцьця лепш за амэрыканскую, чаму сотні, калі ня тысячы, студэнтаў засталіся ў Амэрыцы, выехаўшы па праграме абменаў “Work and Travel”? Чаму беларускія ўлады не пусьцілі 60 школьнікаў, якія выгралі амэрыканскую ўрадавую стыпэндыю FLEX, вучыцца ў Амэрыку? Мо баяліся, што дзеткі пабачаць на вочы “страшны капіталізм” і пераасэнцуюць стаўленьне да “дзяржаўнай ідэалёгіі”?
Амэрыка – неварожая краіна для Беларусі і беларусаў. Мільёны даляраў амэрыканцы выдаткоўваюць на дабрачынныя акцыі, праграмы абменаў, дапамогу нашай краіне. Амэрыканскі ўрад ставіцца варожа не да народу, а да тыранаў, каторыя робяць злачынствы супраць уласных суграмадзянаў, ставяцца варожа да аўтакратаў, якія не даюць магчымасьць людзям рабіць свабодны выбар, атрымліваць аб’ектыўную інфармацыю пра сьцет, а таксама пра свае ўласныя навіны, пра якія маўчаць дзяржаўныя СМІ.
І тым ня меньш, прадстаўнікам Дыяспары, раю часам уключаць “Беларусь ТВ” і дзяржаўнае радыё на сайце Белтэлерадыёкампаніі. Можа быць, як бы гэта не гучала, вельмі інфарматыўна, каб адчуць тую аўру, у якой жыве мэтраполія.
