October 26, 2005

Хутка Halloween

Filed under: America - Administrator @ 4:10 am

halloweenЧас рыхтаваць лахманы, маскі пачвараў, набываць дыні. У наступны панядзелак, 30 кастрычніка, Амэрыка і ўвесь вэстэрнізаваны сьвет сьвяткуе Halloween.
Назва паходзіць ад All Hallows Eve, ці ночы перад ‘All Hallows’ (днём усіх сьвятых). Папулярнасьць гэтага сьвята ў ЗША велізарная. У Чэйпэл Гіле ў вечар цэнтральная вуліца гораду Франклін Стрыт мае ператварыцца ў карнавал ведзьмакоў, прывідаў, вупыроў, зомбі і г.д. Лізінгавы офіс майго жыльлёвага комплексу аб’явіў конкурс на лепшае сьвяточнае афармленьне гаўбца.
Суседзі дзьверы ў сваю кватэру ўжо аформілі ў загробным стылі, а побач паставілі пудзіла галоўнага героя фільма “Сквіл” (Scream).
Цэлыя плянтацыі дыняў сустракаюцца тут і там каля жылых дамоў у Карбара – народ рыхтуецца сур’ёзна. Хэлоўін у Чэйпэл Гіле – гэта ня проста сьвята. Тут гэта фэстываль. Па прагнозах мясоцвай мэрыі чакаецца ўдзел дзясяткаў тысяч чалавек у мерапрыемствах у даўнтаўне, цэнтры гораду. Усе цэнтральныя вуліцы будуць перакрытыя для транспарту. Ня будуць хадзіць і аўтобусы. На сьвята забаронена прыносіць алькаголь, зброю, шкляныя бутэлькі, жывёл і пітарды.
Хэлоўін будзе сьвяткавацца і ў Беларусі. Сярод папулярызатараў сьвята можна вылучыць Задзіночаньне беларускіх студэнтаў, якое ўжо даўна пачало адзначаць папулярнае ў сьвеце буйства злыдняў. Хаця папулярнасьці Хэлоўіна ў Беларусі перашкаджае наяўнасьць свайго аналягічнага па сваёй квінтысэнцыі сьвята – Купальля.

Get free blog up and running in minutes with Blogsome | Theme designs available here

stats count