Колін Паўэл выступіў на адкрыцьці новага будынку Сэнфардскага інстытуту Д’юка, у Дураме. Народу было не прабіцца. Усе 1200 месцаў ў аздараўленчым комплексе ім. Ўілсана былі занятыя. Па ацэнках “Herald Sun” ня меней людзей чакалі на вуліцы. Паўэл сабраў гледачоў бы рок-зорка. Ня дзіва. Шмат хто хацеў бы бачыць мінулага дзяржсакратара Амэрыкі наступным прэзыдэнтам.
Вось урывак інтэрвію Коліна Паўэла Нацыянальнаму грамадскаму радыё NPR:
“У мінулым годзе я спаткаўся з групай бразыльскіх студэнтаў, што прыехалі ў Амэрыку па абмену і правялі тут некалькі тыдняў. Я папрасіў, каб яны распавялі пра свой досьвед у нашай краіне. Адна дзяўчына распавяла, што аднойчы 12 студэнтаў пайшлі ў фаст-фуд рэстарацыю ў Чыкага. Яны павячэралі і тады зразумелі, што ў іх не стае грошай заплаціць за рахунак. Ім бракавала шмат. Напуджаныя, яны нарэшце сказалі пра сваю сітуацыю афіцыянтцы. Яна адыйшла, хутка вярнулася і сказала: “Я паразмаўляла з мэнэджэрам і ён сказаў “Усё добра”. Студэнты ўсё яшчэ былі ўстурбаваныя, бо яны думалі, што ў афіцыянткі вылічаць нястачу з заробку. Яна ўсьміхнулася: “Не, мэнэджэр казаў, што ён рады, што вы тут, ў ЗША. Ён частуе”.
І гэту гісторыю пра Амэрыку бразыльскія юнакі распавядалі шмат разоў. І гэта Амэрыка, ў якую я веру. Гэта Амэрыка, у якую хоча верыць сьвет”.