November 13, 2005

Калі свабодная прэса зьнікне, як дым, дзе будзеш ты і з кім?

Filed under: Belarus, America - Administrator @ 7:25 pm

У чэцьвер на кампусе UNC прамаўляў былы рэдактар ізраільскай англамоўнай газэты “Jerusalem Post” Карл Шраг. Выдатны харызматычны выступоўца, якім ён несумнеўна зьяўляецца, казаў пра асьвятленьне ізраільска-палестынскага канфлікту ў СМІ.
Казаў, што ў любой прэсе, нават у Амэрыцы, ёсьць прадузятасьць, хаця б тая, што вынікае з культурных адрозьненьняў, стэрэатыпаў ці проста журналісцкіх памылак, чалавечай недасканаласьці.
І тым ня менш, як заўважыў Шраг, у амэрыканскіх СМІ ёсьць імкеньне да аб’ектыўнасьці і нэўтральнасьці. Падзел апініяў і фактаў – закон амэрыканскай журналістыкі. У Эўропе, напрыклад, у Брытаніі, як лічыць Шраг, назіраецца іншая карціна. Нібыта адна і тая ж мова, а прынцыпы зусім іншыя.
У Беларусі, дзе амаль не засталося незалежнай прэсы, апініі рэдка падаюцца асобна ад навінаў. Але ні “Народную Волю”, ні “Нашу Ніву” наўрадці можна ў гэтым папікнуць – становішча зусім ня тое, ня тыя ўмовы, ня той аб’ём, ня тое стаўленьне дзяржавы да прэсы.
З падпісных каталёгаў зьніклі “Салідарнасьць”, “Згода”, “Народная Воля”. БДГ немагчыма знайсьці ў правінцыі.
Усё больш і больш беларускі status quo нагадвае часы польскай Салідарнасьці, калі даводзілася інфармацыю перадаваць улёткамі і падземным друкам. Падпольная, незарэгістраваная прэса… Як складана тлумачыць амэрыканцам, што гэта такое. Як складана ім ўявіць, як, у якіх умовах яна выдаецца.
Шэф-рэдактар газэты “Народная Воля” Сьвятлана Калінкіна казала сёньня па “Свабодзе” пра тое, што ідзе стварэньне сыстэмы альтэрнатыўнага распаўсюду газэты. На жаль, яна не сказала, ці не давядзецца газэце зьмяніць свой фармат. Шчыра спадзяюся, што ён крытычна не пагоршыцца. Падпольная, ўлётка-падобная прадукцыя асаблівага даверу ў чытача, як правіла, не выклікае. Параўнайце, якасьць “Советской Белоруссии” і, дапусьцім, бюлетэня ГІ “Партнэрства”. Я нават не кажу пра тое, што выдаецца РІЗО-друкам. Калі ўжо нічога не застаецца, як друкаваць газэты падпольна, трэба хоць нейкім чынам забясьпечыць належную якасьць.
А так, ініцыятыва, як народзіцца, так і згасьне, як было зь нядаўняй “Свабодай” Дубаўца і бюлетэням “Тут і Цяпер”. Я не хачу сказаць, што дызайн альбо якасьць былі прычынай таму, што вышэй згаданыя бюлетэні зьніклі, але форма вельмі моцна ўплывае на тое, якое будзе ўспрыманьне гэтай прадукцыі ў чытача. Калі ж ня будзе належнага feedback-у ад аўдыторыі, то і матывацыі выдаваць нешта падобнае будзе ня надта многа.

Пакінуць камэнтар »

Пакуль камэнтароў няма.

RSS feed for comments on this post.

Пакіньце свой камэнтар

e-mail aдрас ня будзе паказаны, дазволеныя тэгі HTML: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <code> <em> <i> <strike> <strong>


Get free blog up and running in minutes with Blogsome | Theme designs available here

stats count