Нельга спыніць бег часу наперад, нават пусьціўшы гадзіньнік назад
Прабіў час Х. Дзяржава адмахнулася ад аўтарытарнае эры і пачала намацваць новы (альбо ня надта новы) для сябе пэрыяд. Таталітарызм прыйшоў зьнянацку, хоць гэта і прадказвалі, хоць многія дагэтуль яшчэ слаба асэнсоўваюць тое, што адбылося.
“Народная воля”, “Наша Ніва”, “Рэгіянальная газэта”, “Віцебскі кур’ер”, “Згода”, “Салідарнасьць”, “Вольнае Глыбокае” і іншыя незалежныя выданьні зьніклі з падпісных каталягаў. “Студэнцкая думка” канфіскаваная з крамаў. БДГ фактычна не распаўсюджваецца ў рэгіёнах.
Інтэрнэт пакуль яшчэ тэрыторыяй свабоды. Але і тут закручваюцца гайкі. Яшчэ да таго як зьявіўся сайт Мілінкевіча, невядомымі асобамі былі выкуплены дамэн www.milinkevich.com і яшчэ некалькі падобных URL. Напэўна, бліжэй да выбараў там зьявіцца якая-небудзь правакацыя.
Тут.by зьняў банэры акцыі Дня салідарнасьці, ужо некалькі месяцаў узмацнілася цэнзура на форумах парталу. Андрэй Дынько, рэдактар “Нашай Нівы”, лічыць, што яшчэ трохі і пачнуць абмяжоўваць доступ да інтэрнэту, і асноўнай крыніцай вольнай інфармацыі ў Беларусі застанецца Радыё “Свабода”.
30-хвілінная праграма “Нямецкае хвалі” і то можа тады разглядацца, як глыток паветра. Вось толькі пакуль яе адшукаеш сярод іншых расейскамоўных праграмаў на кароткіх хвалях, палова перадачы скончыцца. Ужо нават з гэтае нагоды варта было б трансьляваць па-беларуску.
Задаюся пытаньнем, колькі грамадства можа трываць. Які пернік трэба адабраць, каб народ выказаў сваё незадавальненьне? Большасьць праглыне зьнікненьне свабоднай прэсы з падпісных каталёгаў па прастой прычыне: падпісчыкаў у незалежных газэтаў было ня так шмат, каб масы зварухнуліся. Але масы заўжды будзіць невялікі, затое гіпэрактыўны складнік, які як раз незалежныя СМІ і чытае. Ці будуць маўчаць чытачы? Ці хопіць волі рэдактарам працягваць працу, нават калі гэта будзе ўсё больш і больш нагадваць партызаншчыну і падпольле? Напэўна, духу і волі хопіць і журналістам, і чытачам. 100-гадовая “Наша Ніва” ня можа зьнікнуць. Памятаю, як даўна, пасьля першага рэфэрэндуму, калі было дзіка паскудна на душа, НН выйшла зь вялікім вязам на першай паласе і загалоўкам “Ня зломіш!”
11 гадоў лукашызм імкнецца разбурыць нашу кволую грамадзянскую супольнасьць, зьнішчыць нешматлікую незалежную прэсу, падмяніць нацыянальную ідэю, гісторыю, культуру псэўдабеларускай ідэалёгіяй. Не атрымаецца! Як нельга спыніць бег часу наперад, нават пусьціўшы гадзіньнік назад.
