Thanksgiving

Злучаныя Штаты сьвяткуюць Thanksgiving Day – час спаткацца зь сям’ёй, сваякамі, спыніцца на хвіліну, адысьці ад штодзённых клопатаў, час паразважаць аб вечным. Чэйпэл Гіл сёньня пакідае багата студэнтаў, якія едуць да сябе дамоў на выходныя.
Многія аддаюць перавагу самалёту, бо, як аказваецца, калі пункт назначэньня далёка, ляцець эканамічна выгадней, чым ехаць самаходам. Кошты на паліва пасьля Катрыны значна падскочылі.
Найлепшым падарункам да Thanksgiving мне, як беларусу, было пабачыць першыя старонкі сёньняшніх польскіх газэтаў, якія вырашылі такім красамоўным чынам падтрымаць беларускіх калегаў. Беларускія праблемы хвалююць і нашых суседзяў. Лукашэнка кажа пра “інфармацыйную вайну”. Але як раз зьнішчэньне свабоднай прэсы, якое цягнецца на працягу ўсяго ягонага прэзыдэнцтва, гэтай вайной менавіта і зьяўляецца.
Салідарнасьць – вялікая справа. Горш за ўсё калі падаецца, што ўсім навокал тая Беларусь нецікавая. Гэта ня так. Галоўнае, каб самі беларусы не былі абыякавыя, калі парушаюцца іх правы. Ня ведаю, ці была ідэя падаваць у суд на “Белпошту” за тое, што тая выкінула газэты з падпіснога каталёгу. Сваімі дзеяньнямі манаполія парушае права на атрыманьне інфармацыі вялікай колькасьці грамадзян Беларусі. Можа, варта было б падпісчыкам у індывідуальным парадку падаваць на ўстанову ў суд? Я не юрыст, ня ведаю, наколькі гэта дзейсна, але, прынамсі, гэта лепш, чым праглынуць чарговы наступ на свае правы.
