Нашы зноў перамаглі!
Баскэтбол у Амэрыцы – гэта big thing. Прыгожа, маштабна, забаўна. Вялікі стадыён Dean E. Smith Center, ці як яго празвалі “Dean Dome”, ня быў запоўнены цалкам напэўна таму, што на Thanksgiving амэрыканцы часта едуць, каб спаткацца са сваімі сваякамі, пашыранымі сем’ямі (extended families). З Чэйпэл Гілу зьехала на кароткія вакацыі шмат студэнтаў.
А шкада, бо гульня была цікавай. З нашай унівэрсытэцкай камандай сутыкнулася на полі каманды Санта Барбары. Госьці паказалі ўпэўненую гульню на пачатку, хоць ніколі і ня вырываліся наперад, але пад канец матчу пачалі саступаць. Нашыя “Tar Heels” падарылі гледачам некалькі сапраўды прыгожых баскэтбольных момантаў. Напрыклад, цудоўны трохачковы кідок на апошняй хвіліне.
Баскэтбол у UNC сапраўды спорт № 1. Ня дзіва, бо тут вучыўся Майкл Джордан, а ў мінулым годзе ўнівэрсытэцкая каманда стала чэмпіёнам краіны. Сёлета зьмяніўся склад – далучыліся чатыры новыя гульцы, але “Tar Heels” працягваюць ўпэўнена рухацца наперад.
Падтрымаць жа сваю home team – сьвятая справа студэнта. Па прадукцыі і продажы ўласнай сымболікі UNC ня мае роўных сярод унівэрсытэтаў. Заля была ў большасьці запоўненая людзьмі ў блакітным (колер нашага ўнівэрсытэту). Матч скончыўся патрыятычнай каралінскай песьняй.
