December 22, 2005

Nie lękajcie się

Filed under: Belarus, America - Administrator @ 2:01 am

Калядныя вакацыі – час падводзіць вынікі года мінулага. Чым запомніўся мне 2005-ты? Напэўна, адной з галоўных падзеяў году было абраньне Юшчанкі. Мне давялося быць на ягонай інаўгурацыі ў Кіеве 23 студзеня. Ніколі не забуду, як мы караскаліся на засьнежаны пагурак на Майдане ля маста, каб лепш пабачыць герояў Памаранчавай рэвалюцыі – Юшчанку і Цімашэнку. Не забуду тую незабыўную атмасфэру сьвята, як людзі плакалі, сьпяваючы “Ще не вмерла Україна” і назіраючы як у паветра выпускаюць сотні галубоў з памаранчавымі стрычкамі і такога ж колеру безьліч балёнікаў. Не забуду тыя тыдні, што правёў ва Ўкраіне падчас іх змаганьня за свабоду, за дэмакратыю.
Лягічна, што адным з найбольшых расчараваньняў для мяне быў палітычны “развод” Юшчанкі і Цімашэнкі. Не бяруся меркаваць пра вынікі наступных выбараў ва Ўкраіне, але як сьцьвярджаюць экспэрты, будуць яны даволі драматычнымі. Шкада, калі яны адсунуць на другі плян увагу да нашых уласных выбараў, што маюць адбыцца ў сакавіку.
Другой падзеяй году, якая моцна на мяне паўплывала, была сьмерць Яна Паўла ІІ. У момант сьмерці Папежа, я быў са знаёмай на цэнтральным пляцы Кракава, калі зазванілі званы і пачаў хутка зьбірацца натоўп. З Ватыкану прыйшла дрэнная навіна.
Папа Рымскі ня толькі спрычыніўся да пашырэньня слова Божага ва ўсім сьвеце, але і да вызваленьня Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы ад камуністычнага ярма.
За некалькі тыдняў я наведаў некалькі санктуарыямаў на радзіме Яна Паўла, Кракаве, а таксама ў Закапанах, Варшаве і іншых месцах і мястэчках Польшчы. Разам перажыўшы трагедыю польскага народу, я пераасэнсаваў уласную веру, а таксама забраў з сабой пасланьне Папежа “Nie lękajcie się” – “Ня бойцеся!” Плякатаў з гэтым надпісам было багата па ўсёй Польшчы. З ім жа і здымкам Караля Вайтылы выйшла і “Наша Ніва”. У беларускім кантэксьце гэтыя словы маюць і новае гучаньне, свой кантэкст.
Менавіта цяпер, калі былі прынятыя зьмены ў крымінальны кодэкс, калі быць апазыцыянэрам стала небясьпечна, калі свабода слова звузілася як ніколі, калі лідэра ініцыятывы вольнага назіраньня зноў пасадзілі, а за Мілінкевічам цкуюць відэакамэры, менавіта цяпер гэтыя словы гучаць вельмі важна. Яны пасланьнем на год наступны нам усім і кожнаму з нас па асобку.
Рок 2005-ты быў вельмі жорсткім годам у Беларусі. Хоць большасьць значных падзеяў на Радзіме я літаральна прапусьціў, але пільна назіраю за імі з Амэрыкі. Ня хочацца быць пэсымістам. Часта даводзіцца супакойваць, падбадзёрваць сяброў, якія ня лічаць, што беларускае грамадства ўжо сасьпела на перамены. Але прыглядзіцеся ўважлівей да таго, што адбываецца. Прыслухайцеся да суседа па інтэрнату, да супрацоўніка вашай фірмы, выйдзеце на двор, на базар, зайдзіце ў краму, зазірніце ў вочы. Залягіньцеся на любы інтэрнэт-форум, любы сайт. Уключыце БТ і паглядзіце на выразы твараў вядучых. Што робіцца з бігбордамі, што рэклямуюць тарыфны плян “Адзіны”? Чаму выбары ў сакавіку? Паглядзіце на нэрвовыя рухі Ярмошынай, услухайцеся ў амбівалентнасьць словаў Лукашэнкі і ягонага атачэньня. Ці не падаецца вам, што яны спужаліся? Вас. Так, менавіта вас. Дык ня бойцеся. Узгадайце словы Яна Паўла ІІ, узгадайце тэкст песьні “Белакрылы анёл”. У Навагоднюю ноч ня слухайце прамову таго, каго вы не жадаеце бачыць на троне ў року наступным. А лепш уздыміце келіх шампаны за перамогу!

1 камэнтар »

  1. Добры дзень.
    Так, 2005 год сапраўды быў вельмі быгаты на падзеі. Шкада толькі, што апошнім часам яны нічога добрага не прыносілі. Аднак жыццё паласатае і хто ведае… А Вас я хачу падзякаваць за аптымізм і ваяўнічы настрой, якога сёння вельмі не хапае. Усім бы так.

    Comment by Jana — December 22, 2005 @ 10:32 am

RSS feed for comments on this post.

Пакіньце свой камэнтар

e-mail aдрас ня будзе паказаны, дазволеныя тэгі HTML: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <code> <em> <i> <strike> <strong>


Get free blog up and running in minutes with Blogsome | Theme designs available here

stats count