Пра вечнае

На двары 66 градусаў па Фарэнгейту. Не хачу лічыць, але гэта крыху меней 20 па Цэльсію. Бачу народ ходзіць у цішотках. Нагадаю, што я ў Паўночнай Караліне, а гэта штат на паўднёвым усходзе ЗША, 1 гадзіна лёту ад Вашынгтону.
А ў Беларусі каля -35. Такіх маразоў ужо даўна не было. Чатыры чалавекі загінулі. На Віцебшчыне, адкуль я родам зіма сябе праяўляе асабліва брутальна. У некаторых кватэрах, як мне сказалі, тэмпэратура ўпала да 9 градусаў. А дзе-нідзе яшчэ і подпісы зьбіраюць. Украінцы мерзьлі на Майдане, але так прахалодна не было. Нават блізка. Калі шукаць у гэтым нейкія знакі звыш, то што гэта нейкі тэст, пасланы беларусам ад Усявышняга?
Але калі сур’ёзна, у Львове ўчора, як казаў сябра, было каля -25 марозу. Найхаладнейшая зіма ў Эўропе ў гады. У Амэрыцы наадварот даволі цёпла. Тут хапае і вураганаў, што рэгулярна тараняць поўдзень краіны.
Экстрымальнае надвор’е часта людзей прымушае задумацца аб сэнсе жыцьця, міласэрднасьці, нашай тленнасьці, слабасьці, аб вечным. Тады ўсе гэтыя выбары, прэзыдэнты, подпісы адыходзяць на іншы плян. Яны ня маюць па вялікаму рахунку значэньня. Бо ёсьць пытаньні куды больш істотныя, калі заўгодна ўнівэрсальныя, на якія адказы шукаюць і беларусы, і амэрыканцы, і эпіёпы.
Ня так даўна адкрыў, што мой сусед па кватэры філёзаф. Ну вучыцца ён ў бізнэс-школе, а другі major (другая спэцыялізацыя) у яго філязофія. Часта зь ім на гэтыя тэмы гутарым. Цікава. З розных частак плянэты, з розных цывілізыяў (калі па Гантынгтану), а пытаньні нас хвалююць падобныя. Сёньня паглядзеў фільм “Waking Life”. Незвычайнае кіно. Хоць фільм і амэрыканскі, але гэта не Галівуд. Усім раю, хто любіць independent movies. Ня стужка, а адна філязофія. Вось. Аматарам 30-хвіліннага мыла і базарнага чытва не турбавацца.
