Super Bowl

Чаму большасьць беларусаў ня любяць амэрыканскі футбол? Ён нічым ня горшы за эўрапейскі, хоць і мае больш складаныя правілы. Зрэшты, пытаньне стаўлю няслушна. Як яго любіць, калі яго ТВ не паказвае, ды й не гуляюць у яго ў нас. Любы спорт фармуецца, як неад’емная частка культуры, традыцыі. Хоць і ўплываць на прэфэрэнцыі людзей можна. Ну вось, прыкладам, падабаецца Лукашэнку хакэй – лядовыя палацы, як грыбы, пазьяўляліся пасьля дажджу.
Быў бы яму даспадобы амэрыканскі футбол, глядзіш, БРСМ наладзіў бы моладзевую футбольную лігу (МФЛ). Але ня лёс. Ну нічога.
Я таксама яшчэ зусім нядаўна ў гэтым спорце анічога не разумеў. Але ў Амэрыцы не магчыма прайсьці паўз гэтай часткі іх культуры. Вось некалькі дзён таму са сваімі знаёмымі пад піва і чыпсы я паглядзеў галоўную падзею года ў амэрыканскім футболе – Super Bowl. Спачатку падавалася, ей Богу, што выйграе Сіэтл, але Pittsburgh Steelers рулілі на полі ў другім тайме. Ды і сярод заўзятараў прыхільнікаў апошніх было значна больш.
